ПО́ЛАЦКАЙ ЕЗУІ́ЦКАЙ АКАДЭ́МП БІБЛІЯТЭ́КА Існавала з канца 16 ст. да 1820. Засн. пры Полацкім езуіцкім калегіуме. Складалася з гал., навук. і польск. б-к. У 19 ст. найбагацейшы кнігазбор Беларусі (у 1811 — каля 40 тыс. тамоў). Захоўвала каралеўскія граматы (прывілеі), стараж. рукапісы і інш. дакументы, каля 90 біблій 16—17 ст. Аснову кніжнага фонду складалі выданні 16—18 ст. на польск., лац., франц., ням. мовах, у т. л. працы Арыстоцеля (Гайдэльберг, 1562), Эразма Ратэрдамскага (Амстэрдам, 1682); л-ра, выдадзеная на Беларусі, у т. л. лекцыі Ф.​Пракаповіча (Магілёў, 1786), выданні Полацкай езуіцкай акадэміі па маст. рыторыцы (1788, 1816), яе «Miesięcznik Połocki» («Полацкі месячнік»), дысертацыя філосафа А.Доўгірда, дапаможнікі па прыродазнаўстве. Пасля закрыцця акадэміі кнігазбор перададзены манаскаму ордэну піяраў. У 1830, калі піяры былі пераведзены з Полацка ў Вільню, кнігазборы часткамі перададзены б-цы Полацкага кадэцкага корпуса (2080 кніг па дакладных навуках; у 1915 вывезены ў Сімбірск). Публічнай б-цы ў Пецярбургу перададзена 389 старадрукаў, б-кам бел. гімназій — 10 тыс. тамоў. Значную частку фондаў атрымала б-ка Віцебскай духоўнай семінарыі, якая ў 1900 перадала яе б-цы Кіеўскай духоўнай акадэміі (у камісію для перадачы ўваходзілі М.​Я.​Нікіфароўскі, Дз.А.Даўгяла).

В.​А.​Цыбуля.

т. 12, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)